1. Цякла рэчка пад масточкам – залатыя хвалі.
А дзяўчаты беражочкам кветачкі збіралі.
Ішоў хлопец праз масточак – вельмі разгубіўся,
Як зірнуў на чарнаброву, і ў ваду зваліўся.
ПРЫПЕЎ: Ой, ёй, о-го-го,
Што з хлапчынай будзе?
Засмяюць усе яго,
Як пазнаюць людзі.
2. А дзяўчына чарнаброва спрыту не займала,
Хлопца прама за сарочку і ўратавала.
Хлопец вельмі надзівіўся на такі ратунак,
Але ўраз не разгубіўся, просіць пацалунак.
ПРЫПЕЎ.
3. Яна бачыць – ён гарыць полымем, як свечка,
І каб трошкі астудзіць, зноў спіхнула ў рэчку.
Буль, буль, буль-буль-буль, зашумелі хвалі,
Нават жабы пад масточкам у ладкі запляскалі.
ПРЫПЕЎ.
4. З той пары прашло шчасліва некалькі гадочкаў.
Возіць сына чарнаброва, ён – кветачку-дочку.
Кажа бацька: “Ваша маці так мяне любіла,
Што калісьці ў гэтым месце ледзь не ўтапіла”.
ПРЫПЕЎ: Ой, ёй, о-го-го,
Так мяне любіла,
Што калісьці ў гэтым месце
Ледзь не ўтапіла.
5. Цякла рэчка пад масточкам – залатыя хвалі.
А дзяўчаты беражочкам кветачкі збіралі.
ПРЫПЕЎ: Ой, ёй, о-го-го,
Залатыя хвалі.
А дзяўчаты беражочкам
Кветачкі збіралі.